Размер
“Польская шляхта” ўсходняй Гомельшчыны, альбо Панцырныя баяры Чачэрскага староства
Play

“Польская шляхта” ўсходняй Гомельшчыны, альбо Панцырныя баяры Чачэрскага староства

Калі ў дзяцінстве бываў на радзіме маці ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна, асабліва на Радаўніцу, крыху бянтэжылі незвычайныя імёны маіх прабабуль — Людвіся (Людвіга) і Уліта (Ульяна). Пазней мяне вельмі здзівіла звестка аб тым, што прабабуля Людвіся адносіла сябе да “палякаў”.

Гэта неяк не стасавалася з выключна мясцовым беларускім паходжаннем усіх маіх продкаў па лініі маці: ніхто з іх нават у сямейных паданнях далей за 40 кіламетраў на новае месца жыхарства не пераязджаў. Я, на той момант ужо студэнт-гісторык, ведаў, што этнічных палякаў тут, на самым усходзе Гомельскай вобласці, у 30 кіламетрах ад мяжы з Расіяй, у прынцыпе быць не магло — якія ж палякі праехалі б усю Беларусь, каб пасяліцца ў лясной глухамані каля Свяцілавічаў, дзе нармальная дарога з’явілася толькі ў 1970-х гадах! Да таго ж яшчэ Статут ВКЛ 1588 года, які дзейнічаў да ХІХ стагоддзя, забараняў продаж зямлі іншаземцам, у тым ліку палякам. Палякі, толькі нейкія не тыя! У гэтым кантэксце крыху, праўда, выбіваліся польска-каталіцкія імёны паловы маіх прабабуль і знойдзены яшчэ ў дзяцінстве на гарышчы старой хаты ў Гарыстах малітоўнік канца ХІХ стагоддзя на польскай мове… Пераломны момант наступіў, калі ў Веткаўскім музеі, даведаўшыся адкуль мая маці, бу­дзённа сказалі: “З Гарыстаў? Дык гэта шляхта!” “Якая шляхта? Яны ж сяляне — на сабе сеялі, самі жалі, самі бульбу капалі…” — спрабаваў парыраваць я. “А ты ў сваёй бабулі запытайся, хто такая шляхта, яна табе патлумачыць!” — адказалі музейныя спецыялісты. “Ну ёсць такія мужыкі, а ёсць такая шляхта. Шляхта з мужыкамі не жанілася, толькі са сваімі. Гарысты — гэта шляхта, а Хлусы — мужыкі!” — вынесла вердыкт мая бабуля, Надзея Мітрафанаўна Сівакова (у дзявоцтве Язерская). “А твае бацькі шляхта былі ці мужыкі?” — удакладніў я. — “Шляхта!” — “А адкуль ты ведаеш?” — не сунімаўся я. “Мне яшчэ малой маці казала: “Мы — шляхта!” — адрэзала бабуля. Толькі цяпер паступова пачала вымалёўвацца карціна, чаму пра­прабабуля Тэрэза Драбышэўская, якая мела сясцёр Алену, Юзэфу, Рузю, Францыску, Ганну і братоў Марціна і Рыгора, яшчэ ў 1880-х гадах выйшла замуж за Антона Абуховіча, ад шлюбу якіх нара­дзілася мая прабабуля Людвіга (каталікі). І чаму другая прабабуля — Ульяна Лапіцкая — выйшла замуж за Мітрафана Язерскага (праваслаўныя). Але нешта ўсё роўна не клеілася. Ну што гэта за такая шляхта — “вышэйшы ваенна-служылы стан грамадства”, які дазваляў сабе жыць у такім глухім лесе і займацца выключна сялянскай працай! Шляхта — гэта Радзівілы, Сапегі, Пацы і Вішнявецкія, Халецкія і Аскеркі! Балі, бітвы, палацы і замкі! А тут — бедная нейкая шляхта, здрабнелая, самі за плугам хо­дзяць, самі рушнікі ткуць. Праўда, дзед пасля вайны было выкапаў на гародзе нейкую кальчугу, але цвікоў з яе не наробіш, таму выкінуў у стары калодзеж… Пасля заканчэння ўніверсітэта я, апроч іншага, ведаў, што па лініі сённяшняй усходняй мяжы Гомельскай вобласці ўжо амаль 500 гадоў праходзіць гістарычная мяжа паміж Рэспублікай Беларусь, БССР, Магілёўскай губерняй, Рэччу Паспалітай, ВКЛ і Гомельскім староствам з аднога боку і Расійскай Федэрацыяй, РСФСР, Расійскай імперыяй і Маскоўскай дзяржавай — з іншага. І амаль на тым жа самым месцы! Таксама я ведаў, што памежную службу на ўсходніх рубяжах ВКЛ — Рэчы Паспалітай выконваў спецыяльны ваенна-служылы стан грамадства — “панцырныя баяры”, якім за службу кароль і вялікі князь выдаваў у спадчынную маёмасць зямлю ўздоўж мяжы, якую яны ахоўвалі і абаранялі. Вось толькі ці былі мае продкі Лапіцкія, Язерскія, Абуховічы і Драбышэўскія нашчадкамі менавіта тых самых панцырных баяраў? Ці, можа, яны проста ў ХІХ стагоддзі прыехалі з цэнтральнай Беларусі і набылі тут зямлю? Адказ прыйшоў адтуль, дзе яго ніхто і не шукаў. Гэтай зімой, калі хавалі майго дзядзьку на старых могілках у Гарыстах, спантанна ўзнікла пытанне, чаму на суседніх помніках і крыжах такія незвычайныя імёны: Домна, Юзэфа, Праксэда. Тлумачэнне нечакана дала мая маці: “Гэта палякі, якіх колісь прывезлі і пасялілі тут цары для аховы рубяжа!” — “Адкуль ты ведаеш?” — “Дык баба Людвіся мне казала, яшчэ недзе ў 1970-х”. Як казалі мае выкладчыкі, народная памяць фіксуе сваё гістарычнае мінулае часта ў вельмі незвычайных вобразах і праяўляюцца яны ў спецыфічнай форме… Цяпер, калі сабралася большая частка фрагментаў гістарычнай “шляхецкай мазаікі”, паспрабуем яе рэканструяваць. Пасля спусташэння Усходняй Еўропы мангола-татарамі ў 1237 — 1241 гадах, тэрыторыя былога Чарнігаўскага княства была падпарадкавана ардынскім намеснікам. У 1350 — 1360-х гадах маладое Вялікае Княства Літоўскае адваявала ў татар значныя землі былой Кіеўскай Русі, у тым ліку сучасную Гомельшчыну з Гомелем і Чачэрскам. У 1454 годзе Гомель разам з Чарнігавам і Старадубам быў аддадзены ў кармленне за службу збеглым ад князя маскоўскага князям Мажайскім, якія, аднак, у 1500 годзе парушылі клятву і перайшлі на службу да Івана ІІІ. Такім чынам “да Масквы” Мажайскія ўвялі Гомельскую воласць, у той час як Чачэрская засталася ў складзе ВКЛ. У 1535 годзе пасля доўгіх войн гетман Юрый Радзівіл адваяваў Гомельскую воласць назад у ВКЛ, і з гэтага часу яе лёс непарыўна звязаны з Беларуссю.

📎📎📎📎📎📎📎📎📎📎